БРО́ЎНАЎСКІ РУХ, браўнаўскі рух,

хаатычны рух дробных часцінак, завіслых у вадкасці ці газе. Адкрыты Р.Броўнам у 1827, тэарэтычна абгрунтаваны А.​Эйнштэйнам і М.​Смалухоўскім (1905—06) на падставе малекулярна-кінетычнай тэорыі. Броўнаўскі рух абумоўлены цеплавым рухам малекул і адсутнасцю кампенсацыі ўдараў, якія адчувае часцінка з боку малекул. Інтэнсіўнасць броўнаўскага руху не залежыць ад часу і хім. уласцівасцей асяроддзя, але павялічваецца з ростам т-ры асяроддзя, памяншэннем яго вязкасці і памераў часцінак (незалежна ад іх хім. прыроды). Броўнаўскі рух адыгрывае важную ролю ў некаторых фіз.-хім. працэсах (напр. каагуляцыя), абмяжоўвае дакладнасць высокаадчувальных прылад. Тэорыя броўнаўскага руху займае значнае месца пры абгрунтаванні прынцыпаў статыстычнай фізікі.

Броўнаўскі рух трох розных часцінак гумігуту ў вадзе (паводле Перэна). Кропкамі пазначана месцазнаходжанне часцінак праз кожныя 30 с.

т. 3, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)